У вытанчанай прозе і эсэістыцы Бруна Шульца аўтабіяграфічныя матывы й рэаліі жыцьця габрэяў даваеннай польскай Галіччыны ствараюць аснову гратэскна-фантастычных відзежаў, у якіх паэтыка сну пераплятаецца з сымболікай падсьвядомасьці. Яго найчасьцей параўноўваюць з Францам Кафкам і Вітольдам Гамбровічам, але шульцаўскі «Трактат аб манэкенах» ставіць яго таксама ў адзін шэраг з Біой Касарасам і Анры Бэргсонам, каторыя ў сваіх кнігах прадбачылі будучыя магчымасці кіно. Публікуецца з ласкавай згоды выдаўца Змітра Коласа і перакладчыка Сяргея ШУПЫ.
ТРАКТАТ АБ МАНЕКЕНАХ
або другая кніга быцьця
– Дэміург, – казаў бацька, – ня меў манаполіі на тварэньне – тварэньне ёсьць прывілеем усіх духаў. Матэрыі дадзеная бясконцая плоднасьць, невычэрпная жыцьцёвая моц і разам з тым звабная сіла спакусы, якая цягне нас да фармаваньня. У глыбіні матэрыі набываюць свой кшталт невыразныя ўсьмешкі, завязваюцца напружаньні, згушчаюцца пробы абрысаў. Уся матэрыя пульсуе бясконцымі магчымасьцямі, якія праходзяць празь яе млосным дрыгатам. Чакаючы жыватворчага подзьмуху духа, яна пераліваецца ў сабе бясконца, вабіць тысяччу салодкіх кругласьцяў і мяккасьцяў, якія яна сама зь сябе прымроіць у сьляпых летуценьнях.
Пазбаўленая ўласнай ініцыятывы, юрліва падатная, па-жаноцку плястычная, паслухмяная ўсім імпульсам – яна ўяўляе сабою тэрыторыю па-за межамі дзеяньня закону, адкрытую для разнастайных шарлятанстваў і дылетантызмаў, сфэраю ўсялякіх злаўжыцьцяў і сумнеўных дэміургічных маніпуляцыяў. Матэрыя – самая пасіўная й безабаронная істота ў сусьвеце. Кожны можа яе мяць і ляпіць зь яе, яна паслухмяная кожнаму. Усе арганізацыі матэрыі нетрывалыя й незамацаваныя, іх лёгка павярнуць назад і разбурыць. Няма ніякага зла ў зьвядзеньні жыцьця да іншых і новых формаў. Забойства – ня грэх. Часам яно бывае неабходным гвалтам супраць упартых і скасьцянелых формаў існаваньня, якія перасталі быць займальныя. У інтарэсах цікавага й важнага экспэрымэнту яно можа нават стацца заслугаю. У гэтым зыходны пункт для новае апалёгіі садызму.
Мой бацька быў невычэрпны ва ўслаўленьні тае дзівоснае стыхіі, якою была матэрыя. – Няма матэрыі мёртвай, – навучаў ён, – мёртвасьць ёсьць толькі бачнасьцю, за якою хаваюцца невядомыя формы жыцьця. Шкала гэтых формаў бясконцая, а адценьні й нюансы невычарпальныя. Дэміург меў важныя й цікавыя творчыя рэцэпты. Дзякуючы ім ён стварыў шматлікія віды, якія аднаўляюцца ўласнай сілаю. Невядома, ці тыя рэцэпты калі-небудзь будуць рэканструяваныя. Але ў гэтым няма патрэбы, бо калі б нават тыя клясычныя мэтады крэацыі сталіся раз і назаўсёды недаступныя, засталіся б нелегальныя мэтады, цэлая безьліч герэтычных і грэшных мэтадаў.
У меру таго, як бацька ад тых агульных прынцыпаў касмагоніі набліжаўся да абсягаў сваіх бліжэйшых зацікаўленьняў, голас ягоны сьцішаўся да праніклівага шэпту, ход думкі рабіўся ўсё больш складаны й заблытаны, а вынікі, да якіх ён даходзіў, губляліся ва ўсё больш сумнеўных і рызыкоўных рэгіёнах. Жэстыкуляцыя ягоная набывала эзатэрычную ўрачыстасьць. Ён прыжмурваў адно вока, прыкладаў два пальцы да ілба, хітрасьць ягонага позірку рабілася проста нясьцерпнаю. Ён сьвідраваў гэтай хітрасьцю сваіх слухачак, гвалціў цынізмам гэтага позірку найсарамнейшыя, найінтымнейшыя іхныя рэзэрвы й даганяў іх у найглыбейшым закутку, прыціскаў да сьцяны й казытаў, драпаў іранічным пальцам, пакуль не даказытаўся да бляску зразуменьня й сьмеху прызнаньня і паразуменьня, які нарэшце мусіў значыць капітуляцыю.
Дзяўчаты сядзелі нерухома, лямпа капціла, сукно пад голкаю машыны даўно ссунулася, а машына стукала ўпустую, штабнуючы чорнае, бяззорнае сукно, што зьвівалася з асновы зімовае ночы за вакном.
– Занадта доўга жылі мы пад тэрорам недасяжнае дасканаласьці Дэміурга, – казаў мой бацька, – занадта доўга дасканаласьць ягонага твору паралізавала нашую ўласную творчасьць. Мы ня хочам зь ім спаборнічаць. Мы ня маем амбіцыі зраўняцца зь ім. Мы хочам быць творцамі ў сваёй, ніжэйшай сфэры, мы прагнем для сябе творчасьці, прагнем творчай раскошы, прагнем – адным словам – дэміургіі. – Ня ведаю, ад чыйго імя правяшчаў мой бацька гэтыя пастуляты, які калектыў, якая карпарацыя, сэкта або закон надавалі сваёй салідарнасьцю патас ягоным словам. Што да нас, дык мы былі далёкія ад усялякіх дэміургічных пошукаў.
А бацька мой тым часам разьвіваў праграму той другой дэміургіі, вобраз той другой генэрацыі стварэньняў, якая мелася адкрыта супрацьпаставіцца пануючай эпосе. – Нас не цікавяць, – казаў ён, – творы з доўгім дыханьнем, істоты з далёкімі мэтамі. Нашыя крэатуры ня будуць героямі шматтомных раманаў. Іхныя ролі будуць кароткія, ляпідарныя, іхныя характары – без далейшых плянаў. Часта дзеля аднаго жэсту, дзеля аднаго слова мы бярэмся за працу пакліканьня іх да жыцьця на тую адзіную хвілю. Прызнаем адкрыта: мы ня будзем засяроджвацца на трываласьці, саліднасьці выкананьня, творы нашыя будуць нібы часовыя, зробленыя на адзін раз. Калі гэта будуць людзі, дык мы дамо ім, напрыклад, толькі адзін бок твару, адну руку, адну нагу, якраз тую, якая будзе ў іх ролі патрэбная. Было б пэдантызмам апекавацца іх другою нагою, якая ня мае значэньня. Ззаду яны могуць быць проста зашытыя палатном або пабеленыя. Нашую амбіцыю мы выкажам у гордым дэвізе: для кожнага жэсту іншы актор. Да абслугі кожнага слова, кожнага чыну мы паклікаем да жыцьця асобнага чалавека. Бо такі ў нас смак, гэта будзе сьвет паводле нашага густу. Дэміург любіў дасканалыя й складаныя матэрыялы – а мы аддаем перавагу тандэце. Нас проста захапляе, зачароўвае таннасьць, убоства, тандэтнасьць матэрыялу. Ці разумееце вы, – пытаўся мой бацька, – глыбокі сэнс той слабасьці, той пасіі да стракатай паперкі, да пап’е-машэ, да лякавай фарбы, да пакульля й пілавіньня? Гэта, – казаў ён з горкай усьмешкай – наша любоў да матэрыі як такой, да яе пушыстасьці й порыстасьці, да яе адзінай містычнай кансыстэнцыі. Дэміург, гэты вялікі майстар і мастак, учыняе яе нябачнаю, загадвае ёй зьнікнуць пад гульнёй жыцьця. Мы, наадварот, любім яе бязладзьдзе, яе неслухмянасьць, яе няўклюднасьць і нязграбнасьць. Мы любім пад кожным жэстам, пад кожным рухам бачыць яе млявыя высілкі, яе зьняможанасьць, яе салодкую мядзьведзяватасьць.
Дзяўчаты сядзелі нерухома, з шклянымі вачыма. Твары ў іх былі выцягнутыя й ачмураныя заслуханасьцю, шчокі падмаляваныя румянцам, цяжка было ў тую хвіліну сказаць, ці належалі яны да першай або да другой генэрацыі стварэньня.
– Словам, – заключыў мой бацька, – мы хочам другі раз стварыць чалавека, паводле вобразу й падабенства манэкена.
Тут мы мусім дзеля справаздаўчай вернасьці апісаць адзін дробны й неістотны інцыдэнт, які адбыўся ў гэтым моманьце лекцыі і якому мы не надаем ніякае вагі. Інцыдэнт гэты, цалкам незразумелы й бессэнсоўны ў гэтым шэрагу здарэньняў, можна вытлумачыць хіба толькі як пэўны рудымэнтарны аўтаматызм, без антэцэдэнтаў і без працягласьці, як пэўнага роду зласьлівасьць аб’екту, перанесеную ў галіну псыхікі. Мы раім чытачу праігнараваць яго з гэткай самай лёгкасьцю, як гэта робім мы. Вось што сталася:
У той момант, калі мой бацька вымаўляў слова «манэкен», Адэля глянула на гадзіньнік на бранзалетцы, пасьля чаго паразумелася позіркам з Польдай. Тады высунулася разам з крэслам наперад, падняла край сукенкі, павольна выставіла ступню, абцягнутую чорным шоўкам, і выпружыла яе як зьмяіную галоўку.
Так яна сядзела падчас усёй гэтай сцэны, нібы здранцьвеўшы, зь вялікімі трапяткімі вачыма, паглыбленымі блакітам атрапіны, з Польдай і Паўлінай паабапал. Усе тры глядзелі шырока расплюшчанымі вачыма на бацьку. Мой бацька закашляўся, замаўчаў, нахіліўся і раптам зрабіўся вельмі чырвоны. За адну хвіліну лінэатура ягонага твару, толькі што так разьвіхураная й поўная вібрацыі, замкнулася на спакайнейшых рысах.
Ён – натхнёны эрэзіярх, ледзь выпушчаны зь віхуры ўзьнёсласьці – раптам склаўся сам у сабе, скурчыўся й занік. А можа яго замянілі на каго іншага. Той іншы сядзеў здранцьвелы, вельмі чырвоны, апусьціўшы вочы. Панна Польда падыйшла й нахілілася над ім. Лёгенька хлопаючы яго па плячох, яна лагодна яго падахвочвала: – Якуб будзе разумны, Якуб ня будзе ўпарты. Ну, калі ласка… Якубе, Якубе…
Выстаўлены Адэлін пантофлік лёгка дрыжаў і блішчаў, як зьмяіны язычок. Мой бацька павольна падняўся з апушчанымі вачыма, ступіў крок наперад, як аўтамат, і асеў на калені. Лямпа сіпела ў цішы, у гушчыні шпалераў бегалі туды-сюды красамоўныя позіркі, лёталі шэпты атрутных языкоў, зыгзагі думкі…

ТРАКТАТ АБ МАНЕКЕНАХ
Працяг
Наступным вечарам бацька з адноўленым красамоўствам працягваў сваю цьмяную й блытаную тэму. Лінэатура ягоных зморшчынаў разгортвалася з вычварнай хітрасьцю. У кожнай сьпіралі хавалася ядро іроніі. Але часамі інсьпірацыя пашырала колы яго зморшчынаў, якія расьлі нейкім вялізным вірлівым кашмарам, сыходзячы ў маўклівых валютах у глыб зімовае ночы. – Фігуры ў паноптыкуме, мае пані, – пачаў ён, – кальварыйскія пародыі манэкенаў, але нават у такой форме сьцеражыцеся ставіцца да іх зь легкадумнасьцю. Матэрыя ня ведае жартаў. Яна заўсёды поўная трагічнае павагі. Хто наважыцца думаць, што можна гуляць з матэрыяй, што можна фармаваць яе дзеля жарту, што жарт не ўрастае ў яе, не ўядаецца адразу як лёс, як прызначэньне? Ці адчуваеце вы боль, глухое цярпеньне, нявызваленае, закутае ў матэрыі цярпеньне няўклюднага пудзіла, якое ня ведае, чаму яно ім ёсьць, чаму мусіць трываць у гэтай накінутай гвалтам форме, якая ёсьць пародыяй? Ці ўсьведамляеце вы магутнасьць выразу, формы, выгляду, тыранскае свавольства, зь якім ён накідаецца на безабаронную калоду і апаноўвае, як уласная, тыранская, пануючая душа? Вы надаяце якой-небудзь галаве з палатна й пакульля выраз гневу й пакідаеце яе з тым гневам, з тою канвульсіяй, з тым напружаньнем раз і назаўсёды, выраз замкнёнасьці ў сьляпой злосьці, якой няма выхаду. Натоўп сьмяецца з тае пародыі. Плачце, мае пані, над сваім лёсам, бачачы ўбогасьць зьняволенай матэрыі, прыгнятанай матэрыі, якая ня ведае, хто яна й нашто яна, куды вядзе той жэст, які дадзены раз і назаўсёды.
Натоўп сьмяецца. Ці разумееце вы страшны садызм, ачмуральную, дэміургічную жорсткасьць гэтага сьмеху? Бо плакаць нам, мае пані, трэба над уласным лёсам, бачачы гэтае ўбоства матэрыі, якую гвалцяць, над якою ўчынілі страшнае беззаконьне. Адгэтуль паходзіць, мае пані, страшны смутак усіх блазенскіх големаў, усіх пудзілаў, якія трагічна задумаліся над сваёю страшнаю грымасаю.
Вось анархіст Лукені, забойца імпэратрыцы Элізабэты, вось Драга, дэманічная й няшчасная каралева Сэрбіі, вось геніяльны маладзён, надзея й гонар роду, якога загубіла няшчасная адданасьць ананізму. О, іронія тых назваў, тых бачнасьцяў!
Ці сапраўды ў тым пудзіле ёсьць нешта ад каралевы Драгі, яе двайнік, ці хоць бы найдалейшы цень яе істоты? Гэтае падабенства, гэтая бачнасьць, гэтая назва супакойваюць нас і не дазваляюць нам пытацца, кім ёсьць для самога сябе гэты няшчасны твор. І аднак гэта мусіць быць нехта, мае пані, нехта ананімны, нехта страшны, нехта няшчасны, нехта, хто ў сваім глухім жыцьці ніколі ня чуў пра каралеву Драгу…
Ці вы чулі начамі страшны вой тых васковых пудзілаў, замкнутых у кірмашовых будках, жалосны хор тых тулаваў з дрэва й парцэляны, што б’юць кулакамі ў сьцены сваіх вязьніцаў?
На твары майго бацькі, разьвіхуранай жудасьцю справаў, якія ён выклікаў зь цемры, паявіўся вір зморшчынаў, які рос углыб і на дне якога гарэла страшнае прарочае вока. Барада яго дзіўна натапырылася, пукі й пэндзлі валасоў, што расьлі з бародавак, з радзімак, з ноздраў, сталі старчма. Так ён і стаяў здранцьвелы, з агнём у вачох, дрыжучы ад нутранога ўзрушэньня, як аўтамат, які запыніўся й затрымаўся на мёртвым пункце.
Адэля ўстала з крэсла і папрасіла нас прыплюшчыць вочы на тое, што мелася адбыцца праз хвілю. Пасьля яна падыйшла да бацькі з рукамі на клубох, набраўшы выгляду падкрэсьленай наважанасьці, вельмі выразна запатрабавала…
… … … … … … … … … … … … … … … … … … … … … … … … … … … …
Паненкі сядзелі нерухома, з апушчанымі вачыма, у дзіўнай застыласьці…

ТРАКТАТ АБ МАНЕКЕНАХ
Заканчэньне
У адзін з наступных вечароў мой бацька такімі словамі працягваў сваю лекцыю:
– Не пра тыя ўвасобленыя непаразуменьні, не пра тыя сумныя пародыі, мае пані, плады грубай і вульгарнай нястрыманасьці – хацеў я гаварыць, абяцаючы вам маю лекцыю аб манэкенах. Я меў на думцы штосьці іншае.
Тут мой бацька пачаў будаваць перад нашымі вачыма вобраз той выснаванай ім у марах generatio aequivoca, нейкага пакаленьня істотаў, толькі напалову арганічных, нейкае псэўдарасьліннасьці й псэўдафаўны, вынікаў фантастычнае фэрмэнтацыі матэрыі.
Былі гэта творы, падобныя з выгляду да жывых істотаў, да хрыбетных, ракападобных, суставаногіх, але выгляд іх быў падманны. Бо ў сапраўднасьці былі гэта істоты аморфныя, без унутранай структуры, плады імітацыйнае тэндэнцыі матэрыі, якая, надораная памяцьцю, паўтарае паводле прызвычаеньня некалі прынятыя формы. Шкала марфалёгіі, якой падлягае матэрыя, увогуле абмежаваная, і пэўны набор формаў паўтараецца зноў і зноў на розных паверхах існаваньня.
Тыя істоты – рухлівыя, адчувальныя на зьнешнія раздражненьні, і аднак далёкія ад сапраўднага жыцьця – можа было атрымаць, падвесіўшы пэўныя складаныя калёіды ў растворах кухоннае солі. Калёіды гэтыя праз колькі дзён фармаваліся, арганізоўваліся ў пэўныя згушчэньні субстанцыі, падобныя да ніжэйшых формаў фаўны.
У гэтак узьніклых істотаў можна было назіраць працэс дыханьня, абмен рэчываў, але хімічны аналіз не выяўляў у іх ані сьледу бялковых малекулаў ці ўвогуле злучэньняў вугляроду.
Аднак жа, гэтыя прымітыўныя стварэньні былі нічым у параўнаньні з багацьцем формаў і пышнасьцю псэўдафаўны й флёры, якая часам узьнікае ў некаторых сьцісла акрэсьленых асяродзьдзях. Такімі асяродзьдзямі бываюць старыя кватзры, перасычаныя эманацыямі шматлікіх жыцьцяў і падзеяў – адпрацаваныя атмасфэры, багатыя на спэцыфічныя інгрэдыенты людзкіх летуценьняў – руіны дамоў, поўныя гумусу ўспамінаў, смуткаў і пустой нуды. На такой глебе гэтая псэўдарасьліннасьць прарастала хутка й павярхоўна, паразытавала шчодра й эфэмэрна, выганяла кароткатрывалыя генэрацыі, якія расьцьвіталі раптоўна й пышна, каб імгненна згаснуць і завяць.
Шпалеры ў такіх кватэрах мусяць быць ужо вельмі зацёртыя й стомленыя няспыннай вандроўкай па ўсіх кадэнцыях рытмаў; нічога дзіўнага, што яны зьбіваюцца на бездарожжа далёкіх, рызыкоўных мрояў. Нутро мэбляў, іх субстанцыя мусіць быць ужо расхістаная, здэгенэраваная і падатная злачынным спакусам: тады на гэтай хворай, змучанай і зьдзічэлай глебе расьцьвітае, як прыгожая выспа, фантастычны налёт, каляровая, буйлівая плесьня.
– Вы ведаеце, – казаў мой бацька, – што ў старых кватэрах бываюць пакоі, пра якія ўсе забываюцца. Месяцамі нікім не наведваныя, яны занепадаюць у спусташэньні паміж старымі мурамі, і часам здараецца, што яны замыкаюцца ў сабе, зарастаюць цэглаю і, раз і назаўсёды страчаныя для нашай памяці, паволі страчваюць таксама сваё існаваньне. Дзьверы, што вядуць у іх зь якога-небудзь задняга ганку, могуць так доўга не заўважацца жыхарамі кватэры, што яны ўрастаюць, уваходзяць у сьцяну, якая зацірае іхны сьлед у фантастычным малюнку расколін і драпінаў.
– Аднойчы цьмянай раніцай на схіле зімы, – казаў мой бацька, – пасьля доўгіх месяцаў адсутнасьці я ступіў на такую паўзабытую сьцежку і быў зьдзіўлены выглядам тых пакояў.
З усіх шчылінаў на падлозе, з усіх карнізаў і фрамугаў тырчалі танклявыя парасткі, напаўняючы шэрае паветра мігатлівымі карункамі філіграннай лістоты, ажурным гушчарам нейкае цяпліцы, поўнай шэптаў, зьзяньняў, калыханьняў, нейкай фальшывай і шчаснай вясны. Вакол ложка, пад шматрукаю лямпай, уздоўж шафаў ківаліся купы далікатных дрэваў, разьляталіся ўгору сьвятлістымі каронамі, фантанамі карункавай лістоты, што білі аж пад маляванае неба столі распыленым хлярафілам. У прысьпешаным працэсе квітненьня ў той лістоце нараджаліся вялізныя, белыя й ружовыя кветкі, распускаліся ўваччу, буялі ад сярэдзіны ружовай мякацьцю й пераліваліся празь берагі, губляючы пялёсткі й распадаючыся ў хуткім адцьвітаньні.
– Я быў шчасьлівы, – казаў мой бацька, – ад таго неспадзяванага росквіту, які напоўніў паветра мігатлівым шэлестам, лагодным шумам, які перасыпаўся, як каляровыя confetti, праз тонкія пруткі галінак.
Я бачыў, як з дрыжаньня паветра, з фэрмэнтацыі занадта багатае аўры выдзяляецца й матэрыялізуецца тое пасьпешнае квітненьне, пераліваньне й распад фантастычных алеандраў, якія напоўнілі пакой рэдкай, лянівай замецьцю вялікіх ружовых пукоў кветак.
– Перш чым настаў вечар, – скончыў бацька, – не было ўжо й сьледу таго пышнага росквіту. Уся тая зманная фатамаргана была толькі містыфікацыяй, выпадкам дзівоснай сымуляцыі матэрыі, якая падладжваецца пад выгляд жыцьця.
У той дзень мой бацька быў неяк дзіўна ажыўлены, яго позіркі, хітрыя іранічныя позіркі палалі захапленьнем і гумарам. Пасьля, нечакана спаважнеўшы, ён зноў разглядаў бясконцую шкалу формаў і адценьняў, якія набывала шматаблічная матэрыя. Яго зачароўвалі формы скрайнія, сумнеўныя й праблематычныя, гэткія як эктаплязма самнамбулаў, псэўдаматэрыя, каталептычная эманацыя мозгу, якая ў некаторых выпадках разрасталася з вуснаў памерлага на ўвесь стол, напаўняла ўвесь пакой, як буйлівая, рэдкая тканка, астральнае творыва, на ўзьмежжы цела й духу.
– Хто ведае – казаў ён – колькі ёсьць пакутных, скалечаных, фрагмэнтарных постацяў жыцьця, як штучна скляпанае, на гвалт зьбітае цьвікамі жыцьцё шафаў і сталоў, раскрыжаванага дрэва, ціхіх пакутнікаў жорсткай людзкой вынаходлівасьці. Жахлівыя трансплянтацыі чужых і ненавісных адна адной расаў дрэва, зьбіцьцё іх у адну няшчасную асобнасьць.
Колькі старой, мудрай пакуты хаваецца ў пратраўленых гадавых колцах, жылах і пражылках адной расаў дрэва, зьбіцьцё іх у адну няшчасную асобнасьць.
Колькі старой, мудрай пакуты хаваецца ў пратраўленых гадавых колцах, жылах і пражылках нашых старых верных шафаў. Хто распазнае ў іх старыя, згабляваныя, выпаліраваныя да непазнаваньня рысы, усьмешкі, пагляды!
Твар майго бацькі, калі ён гэта казаў, разыйшоўся задумлівай лінэатурай зморшчынаў, зрабіўся падобным да сукоў і пражылак старой дошкі, зь якой згаблявалі ўсе ўспаміны. Праз хвіліну мы думалі, што бацька замрэ ў здранцьвеньні, як гэта нярэдка зь ім бывала, але раптам ён ачуняў, апрытомнеў і працягваў гэтак:
– Даўнія, містычныя плямёны бальзамавалі сваіх нябожчыкаў. У сьцены іхных жытлаў былі ўпраўленыя, умураваныя целы, твары; у салёне стаяў бацька – напханая мумія, выдубленая жонка нябожчыка была дываном пад сталом. Я ведаў аднаго капітана, які меў у сваёй каюце лямпу-мэлюзыну, якую малайскія бальзамісты зрабілі зь яго забітае каханкі. На галаве яна мела вялізныя аленія рогі.
У цішы каюты тая галава, расьпятая паміж галінамі рагоў пад скляпеньнем, павольна паднімала веі; на растуленых вуснах блішчала плеўка сьліны, якая лопалася ад ціхага шэпту. Васьміногі, чарапахі й вялізныя крабы, прывешаныя да бэлек столі як кандэлябры й павукі, бясконца перабіралі нагамі ў той цішы, ішлі ды йшлі на месцы…
Твар майго бацькі набыў выраз адначасна клопату й смутку, калі думкі ягоныя на сьцежках невядома якіх асацыяцыяў перайшлі да новых прыкладаў:
– Ці магу я змаўчаць – казаў ён прыцішаным голасам – што брат мой у выніку доўгай невылечнай хваробы паступова ператварыўся ў скрутак гумовых кішак, што бедная мая кузынка ўдзень і ўначы насіла яго ў падушках, напяваючы няшчаснаму стварэньню бясконцыя калыханкі зімовых начэй? Ці можа быць штосьці смутнейшае за чалавека, ператворанага ў кішку? Якое расчараваньне для бацькоў, якая дэзарыентацыя для іх пачуцьцяў, якое разьвеяньне ўсіх надзеяў, зьвязаных з здатным маладзёнам! І аднак вернае каханьне беднай кузынкі спадарожнічала яму ў гэтай перамене.
– Ах! Я болей не магу, не магу гэта слухаць! – войкнула Польда, адкінуўшыся на крэсьле. – Сьціш яго, Адэля…
Дзяўчаты ўсталі, Адэля падыйшла да бацькі й, выцягнуўшы палец, зрабіла рух, які значыў казытаньне. Бацька зьбянтэжыўся, змоўк і пачаў, поўны страху, адступаць назад ад ківаньня Адэлінага пальца. Тая йшла ды йшла за ім, пагражаючы яму пальцам, і крок за крокам выганяла яго з пакою. Паўліна пазяхнула, пацягнуўшыся. Абедзьве яны з Польдай, прытуліўшыся плечыкамі, паглядзелі з усьмешкай адна адной у вочы.

Публікуецца паводле Шульц Б. Цынамонавыя крамы: выбраная проза. – Мінск: Зьміцер Колас, 2006. – 176 с.
Ілюстравана калажом аўтапартрэта Бруна Шульца і майстэрні Уладзіслава Старэвіча, а таксама кадрамі фільма братоў Квэй «Настаўнік мастацтва з Драгобыча Бруна Шульц» (The Art Teacher from Drohobycz Bruno Schulz, 2022)
